ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЕ МАСТА́ЦТВА,

сукупнасць відаў мастацкай дзейнасці, звязаных з паяўленнем тэлебачання. Тэлебачанне рэпрадуцырус падзеі рэальнага жыцця, а таксама творы розных відаў мастацтва (кінафільмы, тэатр. спектаклі, канцэрты, творы выяўл. мастацтва) і стварае арыгінальныя тэлевідовішчы: маст. і дакумент. тэлефільмы, тэлеспектаклі (гл. Тэлевізійны тэатр), тэлеперадачы. Поліфункцыянальнасць праграмы (уключае інфарм., дакумент.-публіцыст. і маст. перадачы) вызначае структуру твораў тэлемастацтва, якія сінтэзуюць дакумент., дакумент.-ігравыя і ігравыя формы. Для тэлебачання характэрны: цыклавыя формы тэлемастацтва (цыклы, серыі), аб’яднаныя аўтарскай задумай, тэмай, жанрам, асобай вядучага; увядзенне тэлекамунікатара (вядучага, расказчыка, каментатара), які садзейнічае персаніфікацыі інфармацыі, псіхал. кантакту гледача з тэлевідовішчам. Элементы тэлевізійнай маст. інтэрпрэтацыі рэчаіснасці ёсць у многіх праграмах, якія спалучаюць інфарм., выхаваўчыя і эстэт. функцыі. Прапаганда розных відаў мастацтва тэлевізійнымі сродкамі ажыццяўляецца на Рэспубліканскай студыі тэлебачання і абласных студыях тэлебачання.

В.​Ф.​Нячай.

т. 16, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)